Беларускія казкі

Сынок - з - кулачок

Жылі дзед і баба. І быў у іх сынок. Ды такі малы, што з-пад шапкі не відаць. Ня большы за кулак. Так дзед з бабай яго і звалі: сынок-з-кулачок. 
Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле.
Баба згатавала абед ды кажа да сына: 
— Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісьці. 
А сынок падхрабрыўся і кажа: 
— Давай, мама, занясу абед. 
— Дзе табе данесьці яго? — ня верыць маці. 
— Данясу!
Узяў сынок-з-кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў. 
Едзе сабе і песенькі сьпявае. Прыехаў на поле, гукае бацьку: 
— Тата, я табе абед прывёз! 
Убачыў яго бацька, зарадаваўся: 
— Малайчына, сынок! 
Сеў ён абедаць, а сын кажа: 
— Тата, пасадзі мяне на саху, я араць буду. 
— Як жа ты будзеш араць? 
— А паглядзіш, — кажа сын. 
Пасадзіў яго бацька на саху. Сынок-з-кулачок узяў лейцы ў рукі і крыкнуў на каня: 
— Но, сівы-буры! 
І пачаў араць. 
Ехаў дарогаю пан у брычцы. Убачыў ён такое дзіва. 
— Прадай, дзед, мне свайго аратага, — кажа пан. 
— Не, пане, не прадам: гэта мой сынок. 
А пан прычапіўся, як смала: прадай ды прадай! 
— Я табе, — кажа пан, — дам шмат грошай. 
Пачуў гэта сынок, падбег да бацькі і шэпча яму: 
— Прадавай, тата, толькі вазьмі ў пана за мяне жменю золата. Не бойся, я ад яго ўцяку... 
Згадзіўся дзед і прадаў пану сына за жменю золата. 
Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. "Вось, — думае, — добрага аратага нажыў. Гэдакага ні ў кога няма. Няхай зайздросьцяць усе паны!" 
Тым часам хлопчык прадраў панскую кішэню, цішком вылез зь яе ды выскачыў з брычкі. Пан нават і не пачуў. Паехаў сабе дамоў хваліцца дзіўным аратым. 
Агледзеўся хлопчык, аж кругом яго густы лес. 
Пахадзіў ён, пахадзіў па лесе і заблукаў. 
А тут і вечар настаў. Сеў хлопчык пад елкаю і плача. 
Ні адсюль, ні адтуль — галодны воўк. Ухапіў ён хлопчыка і праглынуў яго. 
Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць: 
— Гэй, воўк, нясі мяне дахаты! 
— Не панясу, — кажа воўк. 
— Нябось, панясеш, як надакучу табе. 
— Паглядзім, — агрызнуўся воўк і пабег у поле шукаць авечак. 
Прыбягае да чарады авечак, а хлопчык як крыкне з воўчага жывата: 
— Гэй, пастухі, воўк па авечкі крадзецца! 
Пачулі гэта пастухі, прагналі злодзея. Ды яшчэ і сабак нацкавалі на яго. 
Прыбег воўк у лес і кажа хлопчыку: 
— Вылазь вон! 
— Не, ня вылезу, — адгукаецца хлопчык. — Нясі мяне дадому. 
— Не панясу! — злуецца воўк. 
Выгаладаўся воўк ды зноў пайшоў шукаць спажывы. Але куды ні прыйдзе, усё няўдача: не дае яму хлопчык усё сваё права правіць: 
— Нясі мяне дадому! 
Бачыць воўк — няма рады: панёс хлопчыка дадому. 
Прынёс да двара і кажа: 
— Вылазь. Вунь твая хата. 
— Не, — адказвае хлопчык, — нясі на двор. 
Прынёс яго воўк на двор і зноў крычыць: 
— Вылазь! 
— Не, нясі ў сенцы. 
Прынёс воўк яго ў сенцы. 
Тут хлопчык выскачыў вон ды як закрычыць: 
— Тата, хадзі ваўка біць! 
Выбег бацька з качаргою і забіў ваўка. Шкуру злупіў і бабе футра пашыў. А баба сасмажыла за гэта дзеду і сынку гуся. 
Тут і казка ўся. 

Лёгкі хлеб

Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, разьвязаў і пачаў есьці. 
Выйшаў з лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есьць. Падыйшоў да яго воўк: 
— Ты што ясі, чалавеча? 
— Хлеб, — адказвае касец. 
— А ён смачны? 
— Дзіва што смачны! 
— Дай мне пакаштаваць. 
— Калі ласка! 
Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку. 
Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа: 
— Хацеў бы я кожны дзень хлеб есьці, але дзе мне яго дастаць? Парай, чалавеча! 
— Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць. 
І пачаў ён вучыць ваўка: 
— Перш-наперш трэба зямлю ўзараць... 
— Тады і хлеб будзе? 
— Не, брат, пачакай. Потым трэба зямлю забаранаваць... 
— І можна хлеб есьці? — замахаў воўк хвастом. 
— Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць... 
— Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк. 
— Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасьце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым сьпець...
— Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер-то ўжо я наемся хлеба ўволю! 
— Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку сьпелае жыта трэба зжаць, потым у снапы зьвязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток... 
— І есьці хлеб буду? 
— Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяхі сабраць, мяхі ў млын завезьці, ды мукі намалоць... 
— І ўсё? 
— Не, ня ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць. 
— І сьпячэцца хлеб? 
— Але, сьпячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, — скончыў касец навуку. 
Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа: 
— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй яду здабываць. 
— Ну што ж, — кажа касец, — калі ня хочаш цяжкі хлеб есьці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца. 
Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня: 
— Конь, конь! Я цябе з'ем. 
— Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх. 
— І то праўда, — згадзіўся воўк. 
Нахіліўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы... 
Перакуліўся воўк ды ходу. 
Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. "Ці ня з'есьці мне іх?" — думае, потым і кажа: 
— Гусі, гусі! Я вас з'ем. 
— Што ж, адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад сьмерцю. 
— Якую? — пытаецца воўк. 
— Пасьпявай нам, а мы паслухаем. 
— Гэта можна. Сьпяваць я — мастак. 
Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыльлямі — мах, мах! Узьняліся й паляцелі. 
Зьлез воўк з купіны, правёў гусей вачыма і пайшоў далей ні з чым. 
Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: "Ці ж ня дурань я, га? Навошта я згадзіўся сьпяваць гусям? Ну, цяпер каго ні сустрэну — з'ем!" 
Толькі ён так падумаў, бачыць — ідзе па дарозе стары дзед. Воў падбег да яго: 
— Дзед, дзед! Я цябе з'ем! 
— Чаго так сьпяшацца! — кажа дзед. — Давай сьпярша табакі панюхаем. 
— А смачная яна? 
— Паспытай, дык будзеш ведаць. 
— Давай! 
Выняў дзед з кішэні капшук з табакаю, сам панюхаў і ваўку даў. 
Як нюхнуў воўк на ўсю сілу, дык цэлы капшук табакі ўдыхнуў у сябе. А потым як пачаў чхаць на ўвесь лес... Нічога ад сьлёз ня бачыць, усё чхае. Так з гадзіну чхаў, пакуль усю табаку ня вычхаў. Агледзеўся потым, а дзеда і сьлед прастыў. 
Пайшоў воўк далей. 
Ідзе ён і бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух сьпіць. Нагледзеўся воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа: 
— Баран, баран! Я цябе з'ем. 
— Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб ня мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косьці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзьбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот. 
— Дзякуй за параду, — сказаў воўк. — Так і зробім. 
Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка, сьвету ён ня ўбачыў. 
Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае: 
— Цікава: з'еў я яго ці не? 
А тым часам касец скончыў работу ды ідзе дахаты. 
Пачуў ён воўкавы словы і кажа: 
— З'есьці ня з'еў, але паспытаў лёгкага хлеба. 

свернуть
Меню раздела