Адкуль пайшлі беларусы

ЛЕГЕНДА “АДКУЛЬ ПАЙШЛІ БЕЛАРУСЫ”

    Здарылася гэта вельмі даўно, калі свет, у якім мы жывём, толькі-толькі зачынаўся.  Зямлі тады яшчэ  ні было. Усюды стаяла мёртвая вада, а пасярод яе тырчаў  вялікі камень.  Раптам насунулася навальніца і давай  цаляць маланкамі проста ў камень. Ад вогненных стрэл пырснулі з каменя тры іскрынкі – белая, жоўтая,  чырвоная.  Упалі  яны ў ваду. Закіпела, скаламуцілася вада,  і ўвесь той стары свет памуціўся , аж нічога не стала відно. Калі ж навальніца аціхла, у свеце шмат чаго перамянілася: вада адступіла, усюды, як  акінуць  вокам, разляглася зямля.  Неўзабаве ў   вадзе і на зямлі завялося жыццё. З’явіліся рыбы, птушкі, усялякія звяры. Потым і чалавек завёўся. Праўда, цяпер ніхто не скажа, ці ён тут нарадзіўся , ці аднекуль прыйшоў.

          Праз нейкі час першы жыхар завёў свае чалавечыя парадкі. Ці доўга ён жыў , ці мала, але займеў сваю сялібу, жонку. Шмат дзяцей.  А прозвішча меў той  гаспадар – Бай.

         Калі прыйшла гадзіна памерці, паклікаў Бай да сябе сыноў і падзяліў усю сваю маёмасць. Нікога не пакрыўдзіў, толькі пра аднаго свайго сына – пра Белаполя – забыўся. Белаполь якраз на паляванне адлучыўся, а разам з ім былі  любімыя бацькавыя сабакі – Стаўры і Гаўры.

        Вярнуўся Белаполь з палявання, а браты яму кажуць: “Перад  смерцю бацька падзяліў нам усю сваю маёмасць. А табе пакінуў сваіх любімых сабак. Ды яшчэ наказаў, каб ты адпусціў іх на волю. Аднаго – у правы бок, а другога – у левы. І колькі яны зямлі абягуць за дзень, дык уся гэта зямля будзе твая…”

            Тады пайшоў Белаполь і злавіў дзве  птушкі. Адна прыляцела з паўднёвага мора, а другая - з мора заходняга. Адпусціў ён першую птушку на поўдзень дый крыкнуў аднаму сабаку: “Злаві яе!”

            Пасля падкінуў другую птушку на захад і загадаў другому сабаку: “Хапай яе!”

           Як паляцелі тыя птушкі – адна ў адзін бок, а другая ў другі. Як пабеглі за птушкамі сабакі, ажно зямля закурылася.. І да сённяшняга дня сабакі тыя – Стаўра і Гаўра – назад не вярнуліся. А па іх слядах – рэкі пакаціліся: на захад – Дзвіна,  на поўдзень – Дняпро.

       Вось у гэтых абшарах і пачаў Белаполь заводзіць свае лады. Ад імя Белаполя бяруць свій пачатак людзі, імя якім – беларусы. І да сённяшняга дня яны жывуць каля Дзвіны і Дняпра, зямельку аруць ды жыта сеюць.

         У кожным паданні ёсць зярнятка праўды.Так, беларусы склаліся ў адзіны народ з розных плямёнаў. Больш за паўтары тысячы гадоў назад на абшарах нашай краіны рассяліліся славяне: крывічы, дрыгавічы, радзімічы.

        Вучоныя лічаць, што паўднёвую і цэнтральную частку Беларусі займалі дрыгавічы, Пасожжа  - радзімічы, Падзвінне і паўночнае Падняпроўе – крывічы.

      Назва “крывічы” пайшла ад прозвішча старэйшага роду Крыў, альбо ад словў “крэўныя” (блізкія па крыві). Дрыгавічы атрымалі назву ад слоў “дрыгва” (балота). Яны пражывалі ў сырой, балоцістай мясцовасці. Назва “радзімічы” паходзіць ад імя кіраўніка –Радзім.

      Галоўным заняткам крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў было земляробства. Яны вырошчвалі жыта, проса, пшаніцу, лён, бабы, гарох, рэпу. Нашы продкі разводзілі кароў, свіней, коней, палявалі на лася, зубра, бабра, ваўка, дзіка, зайца, мядзведзя,  розных птушак, збірали мёд, людзі самі шылі сабе абутак, адзенне, рабілі посуд, розныя прадметы, будавалі жыллё.

      Побач з імі жылі старажытныя балцкія плямёны — продкі сучасных літоўцаў і латышоў. Але славянаў было больш. Яны мелі высокую культуру і таму здолелі аб'яднаць вакол сябе розныя плямёны. З цягам часу асобныя княствы — Полацкае, Тураўскае, Гарадзенскае, Менскае — аб'ядналіся ў адну буйную дзяржаву, якую назвалі Вялікім княствам Літоўскім. Літоўскім таму, што цэнтрам дзяржавы стаў горад Наваградак — сталіца тагачаснай Літвы,  і ўсе вялікія князі паходзілі з гэтых зямель. Межы дзяржавы, як і ў паданні, раскінуліся ад Балтыйскага мора да Чорнага. I называлі сябе нашы продкі ў тыя часы ліцвінамі.

       Беларусамі ж мы назваліся не самі. Імя нам далі суседзі. Яшчэ ў даўнія часы заходнееўрапейскія падарожнікі, складальнікі летапісаў і хронік пачалі называць нашу краіну Белай Руссю.  Чаму так здарылася, дакладна ніхто не ведае. Адны кажуць, што белая — ад колеру льняной вопраткі і светлых валасоў. Іншыя сцвярджаюць, што белая — значыць вольная. Сапраўды, белы колер ва ўсе часы быў сімвалам свабоды духу, незалежнасці, высокіх хрысціянскіх памкненняў. Белы — колер Хрыста.

          Беларуская дзяржава — ад часоў Полацкага княства і да заваёвы Вялікага княства Літоўскага Масквою — праіснавала амаль тысячу гадоў. Таму еўрапейцы, якія ўсю Усходнюю Еўропу ведалі як Русь, нашы землі з асаблівай павагаю называлі Белай Руссю.Спрыяла гэтаму і наша нацыянальная, дзяржаўная сімволіка. Белы сцяг з чырвоным пасам — сімвал незалежнасці, якую даводзілася бараніць і адстойваць цаною народнай крыві.

       Сёння Беларусь займае межы значна меншыя, чым у часы Белаполя, калі  беларусы толькі пачалі сяліцца тут. Але ўсе мы памятаем наша супольнае паходжанне і павінны шанаваць нашу багатую гісторыю. Гэта — наша вечная спадчына.

Крыніцы:

1.Спадчына маёй краіны. Ч.1 / склад.І.К.Грышкевіч. – 2-е выд. –Мазыр: Содейстие, 2006

свернуть
Меню раздела